Наступленне на Уэску
Наступленне на Уэску | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі | |||
| |||
Дата | з 12 па 19 чэрвеня 1937 года | ||
Месца | Уэска, Арагон, Іспанія | ||
Вынік | перамога нацыяналістаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Наступленне на Уэску (ісп.: Ofensiva de Huesca) — няўдалае наступленне рэспубліканскай арміі на Уэску з 12 па 19 чэрвеня 1937 года падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Атакуючыя войскі не змаглі прарваць абарону нацыяналістаў і былі вымушаны адступіць на зыходныя пазіцыі.
Планы, сілы бакоў
[правіць | правіць зыходнік]У красавіку 1937 года нацыяналісты пачалі наступленне на рэспубліканскую правінцыю Біская, і да канца мая іх войскі выйшлі на ўсходні бок абароны Більбаа. Рэспубліканскі ўрад вырашыў пачаць два наступленні на Арагонскім і Мадрыдскім франтах, каб адцягнуць войскі мяцежнікаў.
Пасля падаўлення апазіцыі ў Барселоне ў пачатку мая рэспубліканскія войскі на Арагонском фронце былі рэарганізаваны, і ўрад заснаваў новую Усходнюю армію. Гэтыя сілы, якімі быў прызначаны камандаваць генерал Себасцьян Посас, былі ўзмоцнены XII інтэрнацыянальнай брыгадай на чале з генералам Лукачам (ён жа пісьменнік Матэ Залка) і чатырма брыгадамі з Цэнтральнага фронту.
Рэспубліканскія атрады пераўзыходзілі колькасцю войскі нацыяналістаў (два палкі), абложаных ва Уэске, але яе абаронцы выдатна ведалі мясцовасць, загадзя прыстраляліся на многіх участках і падрыхтавалі для абароны старанна выбудаваныя і замаскіраваныя палявыя ўмацаванні з сістэмай перакрыжаванага агню, у той час як рэспубліканцы мелі невялікую артылерыйскую і бранятанкавую падтрымку. Яны грэбавалі разведкай і таму мелі самыя бедныя звесткі. Франтавое камандаванне і яго савецкі ваенны саветнік Юшкевіч дрэнна спланавалі аперацыю і не лепшым чынам кіравалі ёю.
За дзень да наступлення прамым пападаннем снарада ў штабны аўтамабіль быў забіты генерал Лукач і цяжка паранены яго дывізіённы саветнік Фрыц (савецкі афіцэр П. І. Батаў). Дасланы з Валенсіі на замену Лукачу генерал Клебер (ён жа Манфрэд Штэрн) аб’яднаў пад сваім камандаваннем дзве інтэрбрыгады ў адну 45-ю дывізію, на якую ўскладалася галоўная надзея ў будучай аперацыі. Астатняя частка рэспубліканскага наступлення была даручана войскам 25-й, 27-й, 28-й, 29-й дывізій і 72-й змешанай брыгады, якая прыбыла з Мадрыда. Гэтай групай войскаў прызначаны камандаваць палкоўнік Гільерма дэ ла Пенья Кусі.
Наступленне
[правіць | правіць зыходнік]Наступленне на Уэску пачалося 12 чэрвеня пасля невялікага артабстрэлу пазіцый праціўніка. Пад агульным кіраўніцтвам франтавога камандуючага генерала Посаса наступалі дзве дывізіі і некалькі брыгад, не менш за 15 000 штыкоў. Асноўны ўдар быў накіраваны на саму Уэску, два іншых — на мястэчкі Чымільяс і Алерэ.
Рэспубліканскія войскі, якія наступалі больш за кіламетр па адкрытай мясцовасці, знішчаліся кулямётным і артылерыйскім агнём нацыяналістаў. Але Посас і Юшкевіч шаблонна гналі войскі ў наступленне менавіта там, дзе праваліліся ўсе папярэднія атакі. Іх адзіным аргументам было: «Більбаа! Трэба выбавіць Більбаа!».
Пасля правалу першай атакі на працягу трох наступных дзён вяліся артылерыйскія паядынкі, каб пашкодзіць любую жыццёва важную кропку ў абароне праціўніка. З 14 па 16 чэрвеня над Уэскай разгарэліся паветраныя баі, у якіх з абодвух бакоў удзельнічала да сотні самалётаў.
На досвітку 16 чэрвеня рэспубліканскія войскі пачынаюць новую атаку на Алерэ і Чымільяс, каб заблакаваць калідор, які злучаў акружаную Уэску з «вялікай зямлёй». Размешчаныя вакол іх селішчы і хутара па некалькі разоў пераходзяць з рук у рукі. Моцны варожы агонь, велізарныя страты і блытаніна прымусілі армію Рэспублікі адступіць.
Беспаспяховыя спробы атакаваць працягваюцца да 19 чэрвеня, калі вестка пра падзенне Більбаа дэмаралізавала салдат, многія з якіх сталі пакідаць лінію фронту. У канцы дня мабільная калона нацыяналістаў пад камандаваннем падпалкоўніка Галеры выйшла з Уэскі і адваявала пазіцыі, страчаныя 16-га.
20 чэрвеня рэспубліканцы адступаюць на свае зыходныя пазіцыі.
Страты
[правіць | правіць зыходнік]Рэспубліканскія войскі страцілі амаль 6000 параненымі і забітымі (да 40% складу) і былі знясілены. Так як асноўныя страты прыйшліся на дывізіі, укамплектаваныя анархістамі і членамі POUM (трацкісты), то гэта выклікала рост недаверу гэтых левых груп да ўрада. Страты ж нацыяналістаў былі нікчэмна малымі — больш за дзвесце забітымі і параненымі.
Ваенны досвед
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на ўдалае выкарыстанне авіяцыі ў паветраных баях і для бамбардзіроўкі пазіцый праціўніка, рэспубліканскае наступленне правалілася. Генерал Посас, абцяжараны абавязкамі, не змог каардынаваць сувязь паміж рознымі наступаючымі калонамі, у выніку была страчана ўзгодненасць: калі адны брыгады кідаліся ў атаку, іншыя адседжваліся ў траншэях. Атакавалі па адкрытай мясцовасці і ў лоб. У рухах войскаў адсутнічала ўсякая раптоўнасць і абачлівасць: сярод белага дня на вачах у праціўніка мянялі кірунак руху пяхотных злучэнняў, не каардынаваўся загараджальны агонь артылерыі, у выніку чаго стральба вялася па непатрэбным сектарам або прыпынялася. Дзевяць танкаў, якія прыбылі сваім ходам з бліжэйшай чыгуначнай станцыі патрабавалі рамонту і не заўсёды маглі падтрымаць атакавалых.
Нацыяналісты даказалі, што ўмела абараняючыся на ўмацаваных пазіцыях, нават саступаючы ў колькасці ў тры—чатыры разы, можна паспяхова адбіваць атакі. Не запатрабаваўшы ў вярхоўнага камандавання ні адной роты рэзерваў, не маючы бранетанкавых сіл і размяшчаючы нешматлікай артылерыяй, яны цалкам выйгралі абарончую аперацыю.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Томас Х. Гражданская война в Испании. 1931—1939 гг. — М.: Центрполиграф, 2003. — 573 с. — ISBN 5-9524-0341-7.
- Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Huesca 1937 [1] Архівавана 31 кастрычніка 2021.
Text is available under the CC BY-SA 4.0 license; additional terms may apply.
Images, videos and audio are available under their respective licenses.