For faster navigation, this Iframe is preloading the Wikiwand page for Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі.

Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі

Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі
герб «Друцк» зменены
герб «Друцк» зменены
Старшыня Палескага таварыства сельскай гаспадаркі
1901 — 1905
Папярэднік няма (пасада заснавана)
Пераемнік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)
дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1906 — 1906
Старшыня Польскага таварыства «Асвета» у Мінску
1907 — 1908
Папярэднік Казімір Міхалкевіч (1865—1940)
Пераемнік (выконваў абавязкі) Мечыслаў Пароўскі (1878—1965)
Дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1909 — 1910
Папярэднік Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)
Пераемнік Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939)
Радны Беларускай Народнай Рэспублікі
1918 — не пазней за 1919

Нараджэнне 5 кастрычніка 1861(1861-10-05)
Смерць 31 снежня 1919(1919-12-31) (58 гадоў)
Месца пахавання
Род Друцкія-Любецкія
Бацька князь Эдвін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1828—1901), пінскі павятовы маршалак (1859—1872)
Маці князёўна Ядвіга Канстанцінаўна Радзівіл (1839—1863). Шлюб у 1859 годзе.
Жонка Марыя Гётцандорф-Грабоўская (1861—1946). Шлюб у 1889 годзе.
Дзеці 1) Марыя Геранімаўна Друцкая-Любецкая (1890—1945); 2) Канстанцін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1893—1940); 3) Юзаф Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1897—1943); 4) Крысціна Геранімаўна Друцкая-Любецкая (1900—1921)
Веравызнанне каталік
Адукацыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (польск.: Hieronim Drucki-Lubecki, руск.: Иероним Эдвинович Друцкий-Любецкий; 5 кастрычніка 1861, горад Пінск, Мінская губерня, Расійская імперыя — 31 снежня 1919, горад Варшава, Польшча) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі, пісьменнік. Член (1896—1919) Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі; старшыня праўлення Мінскага камерцыйнага банка; старшыня (1901—1905) Палескага таварыства сельскай гаспадаркі; ; дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні; старшыня (1907—1908) Польскага Таварыства «Асвета» ў Мінску; дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні (1909—1910); член Рады БНР (1918). Быў членам і іншых грамадскіх арганізацый у Мінскай губерні.

Паходжанне і сям’я

[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да княскага рода Друцкіх-Любецкіх. Нарадзіўся ў сям'і князя Эдвіна Геранімавіча Друцкага-Любецкага (1828—1901), пінскага павятовага маршалка (1859—1872) і князёўны Ядвігі Канстанцінаўны Радзівіл (1839—1863). Быў ахрышчаны ў каталіцтва.

Згодна з уласным адказам падчас Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу мая 1917 года, беларус па нацыянальнасці[1].

Ажаніўся ў 1889 г. з Марыяй (Марыяй-Ганнай-Эрнесцінай) Гётцандорф-Грабоўскай (1861—1946), ад якой меў дзяцей:

  • 1) Марыя-Ядвіга-Юзэфа-Францыска-Хрысціна-Кацярына-Елізавета-Клемянціна Геранімаўна Друцкая-Любецкая (1890—1945). Муж: Ілля Прахін. Шлюб у 1917 г.
  • 2) Канстанцін-Марыян-Юзаф Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1893—1940). Жонкі: 1) Сафія Стэфанаўна Ваньковіч (1907—1981). 2) графіня Марыя-Антаніна Красінская (1899—1987). Шлюб у 1924 г.
  • 3) Юзаф-Марыян-Ян-Непамуцан Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1897—1943)
  • 4) Крысціна (Крысціна-Марыя-Ядвіга-Юзэфа) Геранімаўна Друцкая-Любецкая (23.01.1900—06.05.1921)[2][3]. Загінула беспатомна.

Скончыў гімназію ў Рызе, дзе вучыўся разам з Браніславам Эпімах-Шыпілам (1859—1934): яны абодва скончылі яе ў 1880 г. з залатым медалём[4]. Сам Шыпіла менавіта з часу навучання ў рыжскай гімназіі збіраў матэрыялы па беларускай гісторыі, этнаграфіі і літаратуры[5].

У 1885 г. князь скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, атрымаўшы дыплом 5 лютага 1886 г.[6] З 27 сакавіка 1886 па 27 жніўня 1887 г. служыў у гвардыі грэнадзёрскай брыгадзе[6].

Адносіўся да латыфундыстаў. Геранім атрымаў разам з братам Феліксам у спадчыну ад бацькі Эдвіна значныя маёнткі ў Мінскай губерні (Расійская імперыя): у Пінскім павеце — маёнтак Лунін (11 906 дзесяцін), маёнтак Велута (8 127 дзесяцін), маёнтак Багданаўка (7 398 дзесяцін); у Мінскім павеце — маёнткі Стары Ракаў і Наваполле (цалкам 4 893 дзесяціны)[7]. Гэта разам складала 32 324 дзесяціны. Пры падзеле атрымаў палову бацькавай зямлі — каля 16 000 дзесяцін (Лунін, Старый Ракаў, Наваполле)[8].

У 1890 г. свой маёнтак Лунін (звыш 15 000 дзесяцін зямлі ў Пінскім павеце) прадаў рускаму землеўласніку[9]. Купіў дадаткова зямлю каля Старога Ракава ў памеры каля 1000 дзесяцін[9].

У 1911 г. ужо толькі валодаў маёнткамі Шапавалы (1 925 дзесяцін), Стары Ракаў і Новае Поле (разам 1 761 дзесяціна) пад Мінскам у Мінскім павеце Мінскай губерні, што агульна складала 3 686 дзесяцін[10]. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны паспеў набыць маёнтак Бірштаны[11].

Гаспадарчая, палітычная і культурная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў мінскім карэспандэнтам санкт-пецярбургскага польскамоўнага часопіса «Kraj»[12]. Старшыня праўлення Мінскага камерцыйнага банка.

У 1895 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[13]. У 18961919 гг. уплывовы член Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ)[6]. З 30 снежня 1896 г. пры дырэктары Мечыславе Пароўскім быў (разам з Атонам Багдашэўскім) віцэ-дырэктарам аднаго з галоўных аддзелаў МТСГ — гандлёвага аддзела (г.зв. «сельскагаспадарчага сіндыката»)[6]. У 1891—1910 гг. разам з Эдвардам Вайніловічам і Ксаверыем Ельскім належаў да суполкі, якая арандавала ў Мінску жывёлабойні, чым ліквідоўвалі манаполію яўрэяў на гэты бізнес у горадзе[14]. Стаў акцыянерам таварыства «Сокол», якая вылучылася з гадлёвага аддзела МТСГ і пачала ў Мінску будаўніцтва фабрыкі па вырабе штучнага мёду з крухмалю[15]. Актыўна дзейнічаў у броварнай секцыі МТСГ, стаў сузаснавальнікам і членам акцыянернага Мінскага таварыства бровараў, закладзеным у 1894 г. брованай секцыяй МТСГ[16].

10 снежня 1899 г. у Мінску на пасяджэнні МТСГ быў выбраны членам у Распарадчы камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловая выстаўка МТСГ у Мінску ў 1901 годзе.

Князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі. Фота каля 1901 г.

У 19011905 гг. быў старшынёй Аддзела па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся (Палескага таварыства сельскай гаспадаркі), што быў структурным аддзяленнем Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[17]. Па прапанове князя Гераніма Друцкага-Любецкага ў 1903 г. у Аддзел па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся пачалі прымаць сялян у якасці членаў; гэта быў першы аддзел МТСГ, у які пачалі прымаць сялян у якасці членаў, праўда, толькі з правам дарадчага голаса[18]. Сялянам там у тым ліку чыталі асветныя лекцыі, частка з паказам, як карыстацца машынамі і штучным угнаеннем. У верасні 1904 г. як прадстаўнікі Аддзела па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся князь Геранім Друцкі-Любецкі і Раман Скірмунт арганізавалі ў Пінску сельскагаспадарчую выстаўку для сялян і з удзелам сялян, на якой Раман Скірмунт выступіў з прамовай на мясцовай гаворцы[19].

Адзін год быў членам земскай управы, але пакінуў службу, няздолеўшы працаваць з земскімі чыноўнікамі па прызначэнні.

Князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі. Фота каля 1906 г.

Належаў да лідэраў палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў. У 1906 г. быў абраны дэпутатам (ад Пінска) у I Дзяржаўную думы Расійскай імперыі), дзе быў у групе аўтанамістаў — член «Краёвага кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкага кола Літвы і Русі»), а таксама дэпутат Саюза аўтанамістаў. Газета «Kurier Litewski» давала вельмі станоўчую характарыстыку князю Гераніму Друцкаму-Любецкаму, выбранаму дэпутатам (1906) у I Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі: «Адзін з найсімпатычнейшых і найпапулярнейшых грамадзян Міншчыны <…> у яго асобе мінская зямля атрымлівае здольнага дэпутата, адданага справе дабра для ўсіх і неаспрэчна сумленнага. Гарачы патрыёт, вельмі прывязаны да сялян, з якімі працуе, робіць ён, без сумнення, вельмі важную паслугу нашым памкненням, як народным, так і грамадскім»[20].

У першай сваёй прамове ў I Дзяржаўнай Думе князь Геранім Друцкі-Любецкі сказаў: «Я выхаваўся сярод простага народа. Наш просты беларускі народ таксама мае свае ідэалы. Яго ідэал гэта зямля Божая, але і просты народ ёсць Божым, па гэтай прычыне наш просты беларускі народ шчыра лічыць, што Божая зямля павінна належаць да Божага простага народа», — і тлумачыў, што прынцып прыватнай уласнасці ёсць адным з ідэалаў беларускага сялянства[21]. На гэтае выступленне ў Думе ў абарону права прыватнай уласнасці звярнулі ўвагу многія вядомыя расійскія палітыкі і ідэолагі, у тым ліку Уладзімір Ленін, які выказаўся ў бальшавісцкім друку, згадваючы менавіта прамову Любецкага, што маянткоўцы ў мэтах супрацьстаяння ідэі нацыяналізацыі зямлі нават выступаюць у ролі абаронцаў сялянскай зямельнай уласнасці[22].

Беларускі гісторык Алесь Смалянчук указвае, што член «Краёвага кола Літвы і Русі» граф Юзаф Патоцкі прызнаваў існаванне супярэчнасцяў і з раздражненнем заўважыў пра дэпутатаў «Краёвага кола Літвы і Русі»: «Я заўсёды выказваюся як паляк, а некаторыя іншым разам выступаюць як беларусы». Алесь Смалянчук таксама дадае, што ў польскамоўнай газеце «Дзеннік Кіёўскі» у 1906 г. быў апублікаваны ананімны ліст «грамадзяніна Забранага краю П.В.», дзе аўтар быў абураны паводзінамі польскіх дэпутатаў ад Мінскай губерні, якія нібыта публічна прызналі, што з’яўляюцца «тутэйшымі», а таксама «беларусамі польскай культуры», а ў якасці гэтых «здраднікаў» фігуравалі дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» ад Мінскай губерні — князь Геранім Друцкі-Любецкі, Віктар Янчэўскі, Раман Скірмунт і Пётр Масоніус[23]. У ананімным лісце сцвярджалася існаванне ў «Краёвым коле Літвы і Русі» двух дэпутатцкіх груповак, якія змагаюцца паміж сабой – пры гэтым дэпутаты-«беларусы» нібыта абзываюць дэпутатаў апанентаў «ляхамі» і г.д. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук заўважае, што «ляхамі» аказаліся якраз дэпутаты «Краёвага кола Літвы і Русі» з украінскіх губерняў («паўднёва-заходніх губерняў»), у т.л. дэпутат граф Юзаф Патоцкі[23].

У 19071908 гг. быў старшынёй Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску[24].

У 19091910 гг. быў дэпутатам Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні[25] і ўваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі.

Палац князёў Друцкіх-Любецкіх у Новым Полі. Фота раней 1914 г.

У час Першай сусветнай вайны быў з 1914 г. ченам Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны. У снежні 1915 г. быў старшынёй арганізацыйнага камітэта «Польскія дні» ў Мінску.

У красавіку 1917 г. стаў членам Мінскага павятовага польскага камітэта. 1 мая 1917 г. стаў членам рады Польскай школьнай маціцы Мінскай зямлі.

13-15 мая 1917 г. у Мінску на пасяджэнні Беларускага нацыянальнага камітэта Раман Скірмунт прыцягнуў на падставе права кааптацыі да ўдзелу ў пасяджэнні буйных маянткоўцаў (Эдварда Вайніловіча, князя Станіслава Радзівіла, князя Гераніма Друцкага-Любецкага і інш.) і блакіраваў прапановы прадстаўнікоў БСГ аб радыкальных аграрных пераўтварэннях у Беларусі, а таксама пацвердзіў сваё імкненне да аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, злучэння ўсіх беларускіх зямель, падзеленых фронтам Першай сусветнай вайны, пад адной уладай і адмежаваўся ад польскай арыентацыі[26]. Як засведчыў у сваіх успамінах ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, стваралася ўражанне, што «буйныя землеўласнікі на Беларусі пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны выйшлі», а ідэя палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расіі атрымлівае ў маянткоўцаў шчырую падтрымку[27][28]. Як сведчыць ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, у прыватнасці князь Геранім Друцкі-Любецкі ў сваёй прамове на сесіі адзначыў, што паходзіць з роду беларускіх князёў і заявіў, «што ён не вінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песні»[29].

22 мая (4 чэрвеня) 1915 г. у маёнтку Засулле прысутнічаў на пахаванні памерлага Урбана Баніфацевіча Крупскага (1863—1915) і быў галоўным прамоўцам над труной нябошчыка[30].

У канцы мая 1917 г. стаў членам «Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні».

У канцы кастрычніка 1918 г. як дэлегаваны ад Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні («Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні») увайшоў у якасці члена ў склад Рады БНР[31].

З лістапада 1919 г. узначальваў аддзел ліквідацыі ваенных страт Грамадзянскай управы ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) у Варшаве, дзе захварэў іспанскім грыпам і памёр. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве[32].

Літаратурная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Быў плённым творцам тэатральных п’ес (асабліва патрыятычнага характару), сярод якіх самую вялікую папулярнасць у літоўска-беларускіх губернях атрымала драма «Так паміралі літоўцы», якую Гелена Ромер-Ахенкоўская так ацаніла: «складанай была драма князя Г. Друцкага-Любецкага, пастаўленая некалькі разоў па прычыне свайго зместу (здабыццё крэпасці і смерць на вогнішчы незалежных літоўцаў)[33], але не прадстаўляла мастацкай вартасці»[34].

Аўтар трагедый і драм «Erizzo» (1900), «Bolesław Śmiały» (1901), «Walgierz Wdały» (1901), «Szatan», выдадзеных 2-томнікам у 1901 годзе.

Зноскі

  1. Раюк, А.Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст. Архівавана 3 сакавіка 2022. — С. 183.
  2. Ахвяра “рыжскай мяжы”. Сапраўдная гісторыя трагедыі князёўны Крысціны Друцкай-Любецкай
  3. Krystyna Maria Józefa Jadwiga Drucka-Lubecka (Drucka-Lubecka)
  4. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 194.
  5. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 194.
  6. а б в г Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 87.
  7. Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник… С. 192.
  8. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 191—192.
  9. а б Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 93.
  10. Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917… С. 169.
  11. Ахвяра “рыжскай мяжы”. Сапраўдная гісторыя трагедыі князёўны Крысціны Друцкай-Любецкай
  12. Ахвяра “рыжскай мяжы”. Сапраўдная гісторыя трагедыі князёўны Крысціны Друцкай-Любецкай
  13. Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  14. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 88.
  15. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 88.
  16. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 88.
  17. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 192.
  18. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 88.
  19. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego… С. 89.
  20. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 195.
  21. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 94.
  22. Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в… С. 105.
  23. а б Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 284.
  24. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 194.
  25. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 193.
  26. Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох… С. 13.
  27. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта Архівавана 5 сакавіка 2016.… С. 24.
  28. Пазней (у 1925 г.) прадстаўнікі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў сваёй газеце «Krynica» будуць беспадстаўна папракаць буйных маянткоўцаў Беларусі, што іх прыхільнасць да палітычнай суб’ектнасці Беларусі і падтрымка беларускай мовы і культуры ў той час былі выкліканы не патрыятычнымі памкненнямі, а выключна жаданнем захаваць за сабой маёнткі («выслужыцца перад беларускім народам, каб ён пакінуў ім маёнткі»). Гл.: Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта Архівавана 5 сакавіка 2016.… С. 24.
  29. Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868—1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 299.
  30. Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 345.
  31. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.482.
  32. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 198.
  33. Маецца на ўвазе патрыятычны змест „незалежнасці Літвы“.
  34. Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie… С. 91—92.
  • Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
  • Бородин, А. П. Друцкой-Любецкий Иероним Эдвинович Архівавана 10 лютага 2015. / А. П. Бородин, Н. Д. Постаков // Государственная дума Российской империи: 1906—1917 : Энциклопедия. / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва : РОССПЭН, 2008. — С. 174.
  • Бусько, В. Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в. : Очерки / В. Н. Бусько; науч. ред. М. В. Научитель ; АН БССР, Ин-т экономики. — Минск : Навука і тэхніка, 1990. — 144 с.
  • Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник / Д. М. Дрозд. — Минск : Медисонт, 2010. — 672 с.
  • Дрозд, Д. М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917 / Дмитрий Дрозд. — Минск : Медисонт, 2013. — 694 с.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Отчет Юбилейной сельскохозяйственной и кустарно-промышленной выставки, устроенной в 1901 году Минским Обществом Сельского Хозяйства. — Минск, 1902. — 179 с.
  • Раюк, А.Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX – пачатку XX ст. Архівавана 3 сакавіка 2022. / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2020. — Вып. 20. — Ч. 2. — С. 178—184.
  • Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт / А.Р. Раюк // Навуковая спадчына В. К. Бандарчыка: зб. матэрыялаў Рэсп. навук.-практ. канф., прысвеч. 100-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларус. этнолага Васіля Кірылавіча Бандарчыка, г. Слуцк, 8 кастр. 2020 г. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы; рэдкал.: А. І. Лакотка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 191—198.
  • Раюк, А.Р. Узнікненне і заняпад Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908) Архівавана 3 сакавіка 2022. / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2021. — Вып. 21. — Ч. 2. — С. 201—209.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі («думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — 460 с.
  • Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868—1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў / Аляксандр Смалянчук. — Мінск : Зміцер Колас, 2017. — С. 289—303.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Списки лиц, владеющих в Минской губернии имуществом и имеющих право участвовать в земских избирательных собраниях для выбора гласных на трехлетие с 1911 г. — Минск: Минская губ. типография, 1911.
  • Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
  • Akcja wyborcza mińska. Hier. ks. Drucki-Lubecki // Kuryer Litewski. — 1906. — № 86. — С. 2.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
{{bottomLinkPreText}} {{bottomLinkText}}
Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі
Listen to this article

This browser is not supported by Wikiwand :(
Wikiwand requires a browser with modern capabilities in order to provide you with the best reading experience.
Please download and use one of the following browsers:

This article was just edited, click to reload
This article has been deleted on Wikipedia (Why?)

Back to homepage

Please click Add in the dialog above
Please click Allow in the top-left corner,
then click Install Now in the dialog
Please click Open in the download dialog,
then click Install
Please click the "Downloads" icon in the Safari toolbar, open the first download in the list,
then click Install
{{::$root.activation.text}}

Install Wikiwand

Install on Chrome Install on Firefox
Don't forget to rate us

Tell your friends about Wikiwand!

Gmail Facebook Twitter Link

Enjoying Wikiwand?

Tell your friends and spread the love:
Share on Gmail Share on Facebook Share on Twitter Share on Buffer

Our magic isn't perfect

You can help our automatic cover photo selection by reporting an unsuitable photo.

This photo is visually disturbing This photo is not a good choice

Thank you for helping!


Your input will affect cover photo selection, along with input from other users.

X

Get ready for Wikiwand 2.0 🎉! the new version arrives on September 1st! Don't want to wait?